Кандыдаты-вертыкальшчыкі адпачываюць, але забетанаваць пляцоўку могуць

Вертыкальшчыкі-кандыдаты ў дэпутаты вымушаныя пайсці ў адпачынак на час выбарчай кампаніі. Гэта робіцца для таго, каб яны не выкарысталі сваё службовае становішча ў мэтах агітацыі.  У адпачынку апынуліся дзесяць старшыняў райвыканкамаў, два старшыні гарвыканкамаў і адзін старшыня аблвыканкама - віцебскі "губернатар" Уладзімір Андрэйчанка. На працоўных месцах сёння іх няма. У выканкамах паведамляюць, што яны будуць у адпачынку да канца месяца. А вось старшыня Клічаўскага райвыканкама Сяргей Крыжэвіч не з'явіцца на працы аж два месяцы.

Сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік перакананы, што да выбараў "вертыкальшчыкі" на сваіх працоўных месцах не з'явяцца, а вось на будоўлях іх пабачыць магчыма і ўдасца:

"Калі ў яго "вісіць" нейкі аб'ект, трэба забетанаваць нейкую пляцоўку, і ён падчас адпачынку прыедзе, паглядзіць як бетануецца, я думаю, у гэтым граху вялікага няма".