Канстытуцыйны суд Чэхіі дазволіў падпісаць Лісабонскую дамову

Канстытуцыйны суд Чэхіі пастанавіў, што Лісабонская дамова не супярэчыць асноўнаму закону краіны, адкрыўшы, такім чынам, магчымасць падпісання гэтага дакумента прэзідэнтам Вацлавам Клаўсам, перадае ВВС.
Суд не падтрымаў пункт гледжання сенатараў-еўраскептыкаў, якія сцвярджалі, што агульнаеўрапейская дамова парушае суверэнітэт Чэхіі, унутранае заканадаўства і падрывае асновы дзяржаўнасці.

Калі Клаўс падпіша дакумент у бліжэйшыя пару тыдняў, Лісабонская дамова можа набыць моц на ўсёй тэрыторыі Еўрасаюза ўжо 1 снежня.

Нагадаем, Чэхія — адзіная краіна, якая дагэтуль не ратыфікавала Лісабонскую дамову.

Прэзідэнт краіны пагадзіўся падпісаць дакумент, але пры ўмове, што Празе гарантуюць захаванне ранейшых пастаноў чэхаславацкага ўрада, якія, у прыватнасці, прывялі да пазбаўлення маёмасці нямецкага насельніцтва.

30 кастрычніка на пасяджэнні Еўрапейскага савета кампраміс быў дасягнуты.