Кардынал Тарчызіё Бертонэ асвяціў закладны камень касцёла ў Мінску

Працягваецца афіцыйны візіт у Беларусь кардынала Тарчызіё Бертонэ, дзяржсакратара Папы Рымскага Бенедыкта XVI. Учора прадстаўнік Святога Прастола асвяціў закладны камень касцёла ў гонар Яна Хрысціцеля, які будуецца ў мінскім мікрараёне Серабранка.  Як паведамляе тэлеканал ОНТ, кардынала Тарчызіё Бертонэ сустракала вышэйшае каталіцкае духавенства краіны, прадстаўнікі ўлады і шматлікія вернікі. Набажэнства правёў былы кіраўнік Рыма-каталіцкай царквы ў Беларусі - кардынал Казімір Свёнтак.

Адзначым, што касцёл Яна Хрысціцеля - першая пабудова каталіцкага храма ў Мінску за апошнія сто гадоў. Мяркуецца, што будаўніцтва завяршыцца да 2010 года.

Таксама ў суботу кардынал Тарчызіё Бертонэ наведаў Гродна, дзе правёў службу у кафедральным касцёле.