Кастусёў болей не будзе выступаць на радыё і тэлебачанні як кандыдат?

Кандыдат на прэзідэнты ад партыі БНФ Рыгор Кастусёў сёння зранку выступіў у эфіры Беларускага радыё і паўтарыў сваю прамову, якая гучала на тэлебачанні ўвечары 24 лістапада. Палітык заявіў пра неабходнасць пераходу ад аўтарытарызму да парламенцкай сістэмы, ён паабяцаў, што свабода прэсы будзе абароненая дзяржавай. Таксама ён заявіў, што прыватная ўласнасць на зямлю стане гаспадарчым фундаментам новай дэмакратычнай Беларусі.

Апроч таго, Рыгор Кастусёў паабяцаў адмяніць кантрактную сістэму, увесці ў якасці нацыянальнай валюты талер і рассакрэціць усю інфармацыю пра ўплыў Чарнобыля на здароўе насельніцтва. Ён выступіў за мараторы на смяротнае пакаранне і за люстрацыю чыноўнікаў, якія здзейснілі злачынствы.
 
У канцы спічу кандыдат ад партыі БНФ развітаўся з выбаршчыкамі да 19 снежня. Адзначым, што ён мае права выступіць у эфіры радыё і тэлебачання яшчэ па адным разе, паведамляе БелаПАН.