Католікі, грэка-католікі і пратэстанты адзначаюць свята Божага Нараджэння

Беларускія католікі, грэка-католікі і пратэстанты адзначаюць свята Божага Нараджэння. Сёння ва ўсіх касцёлах краіны пройдуць святыя імшы на беларускай і польскай мовах. У мінскім архікатэдральным касцёле імя Найсвяцейшай Панны Марыі імшы па-беларуску адбудуцца ў 13.00, 15.00 і 18.30, на польскай мове — у 11.30. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі возьме ўдзел у імшах, запланаваных на 11.30 і 13.00.

На сённяшні дзень рымска-каталіцкая царква Беларусі складаецца з 470 парафій і чатырох епархій. Рыма-католікі маюць 451 касцёл і будуюць 35 храмаў. Паводле афіцыйных звестках, забяспечанасць вернікаў касцёламі складае больш за 96%, гэта самы высокі паказчык сярод усіх канфесій.

Рымска-каталіцкая царква мае дзевяць місій і дзевяць кляштараў. Службу нясуць 407 ксяндзоў, з іх 168 — замежныя грамадзяне (Польшчы, Літвы, Украіны і Нямеччыны).

У краіне таксама дзейнічаюць 14 уніяцкіх парафій і 996 пратэстанцкіх (у тым ліку 28 незарэгістраваных) 14 напрамкаў, паведамляе БелаПАН.