КДБ папярэдзіла магілёўскага актывіста за ўскладанне кветак

Намеснік магілёўскай гарадской суполкі партыі БНФ Зміцер Салаўёў сёння атрымаў папярэджанне ў абласным упраўленні КДБ. Папярэджанне актывісту вынесенае за неаднаразовыя спробы ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Такімі мерапрыемствамі супрацоўнік КДБ палічыў ўскладанні кветак 25 сакавіка і 26 сакавіка мінулага году да памятных знакаў у Магілёве, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".

Разам з Салаўёвым у якасці грамадскага прадстаўніка ў КДБ патрапіў і праваабаронца Барыс Бухель. Дазваляючы прысутнічаць пры размове яму паведамілі: "Бачыце, якое ў нас пацяпленне, нават Вам не адмаўляем прысутнічаць".

Магілёўскія праваабаронцы паведамляюць, што папярэджанне будзе абскарджанае ў судовым парадку.