КДБ разграміў кампанію "Гавары праўду" з дапамогай смаленскіх чэкістаў?

Пра падрабязнасці пагрому грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" распавядае сайт "Беларускі партызан". Па звестках журналістаў, літаральна напярэдадні пагрому грамадзянскай ініцыятывы Аляксандр Лукашэнка правёў сакрэтнае паседжанне з прадстаўнікамі сілавых ведамстваў. Яно прысвячалася процідзеянню незалежным СМІ.  Віктару Лукашэнка - каардынатару спецаперацыі, начальніку Аператыўна-аналітычнага Цэнтра пры прэзідэнце  Вакульчыку і старшыні КДБ Зайцаву былі дадзеныя неабмежаваныя паўнамоцтвы і неабмежаваныя  магчымасці.

Па дапамогу беларускія сілавікі звярнуліся да калег са Смаленску. У адной са смаленскіх друкарняў актывісты кампаніі хацелі надрукаваць сваю прадукцыю. Беларускія чэкісты праз Смаленскае ўпраўленне ФСБ дамагліся таго, што расійскія камерсанты напісалі заявы аб парушэнні беларускімі апазіцыянерамі іх правоў.  На гэтай заяве і будуецца ўся справа супраць "Гавары праўду!". Пры гэтым цэнтральны апарат ФСБ быў не ў курсе гэтага "смаленскага ўзаемадзеяння".
 
Пасля такога скандалу можа адбыцца праверка смаленскіх  сілавікоў  на прадмет іх кантактаў з беларускімі спецслужбамі. Як адзначае "Беларускі партызан", Смаленск ператварыўся ў сакрэтную дзялку беларускіх спецслужбаў, дзе яны дзейнічаюць абсалютна свабодна.