Кэтрын Эштан заклікае правесці расследаванне смерці Алега Бябеніна

Правесці "поўнае, незалежнае і празрыстае расследаванне" смерці беларускага апазіцыйнага актывіста і журналіста Алега Бябеніна заклікае вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па знешніх сувязях і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан.
Прэс-сакратар вярхоўнага прадстаўніка Мая Качанчыч заявіла, што ў офісе Эштан са шкадаваннем даведаліся аб трагічнай гібелі Бябеніна. Паводле яе слоў, ён быў "адным з ключавых людзей, якія заклікалі да правядзення рэформ у Беларусі".

Адказваючы на пытанне аб тым, наколькі інцыдэнт можа паўплываць на рашэнне ЕС па пытанні санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, якое будзе прынята ў кастрычніку 2010 года, Качанчыч сказала, што ЕС "пільна сочыць за сітуацыяй з правамі чалавека ў краіне", інфармуе БелаПАН.

Старшыня Еўрапарламента Ежы Бузек ужо заклікаў улады Беларусі правесці "поўнае і празрыстае" расследаванне абставінаў смерці Бябеніна. З аналагічнымі заявамі выступілі дакладчык Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па Беларусі Сініка Хурскайнен, прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч, Еўрапейская федэрацыя журналістаў, арганізацыя "Індэкс цэнзуры", Нарвежскі Хельсінскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў і іншыя арганізацыі.