Кіраўніцтва БХД сёння вырашыць, ці працягне ўдзел у мясцовых выбарах

Далейшы ўдзел у кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў абмяркуе ў нядзелю Нацыянальная рада аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя".  Паводле слоў сустаршыні аргкамітэта Паўла Севярынца, кандыдаты ад БХД сутыкнуліся падчас збору подпісаў і рэгістрацыі з "беспрэцэдэнтым ціскам". Напрыклад, самая маладая прэтэндэнтка 18-гадовая Ірына Губская была зарэгістраваная 25 сакавіка, а на наступны дзень яна была адлічаная з Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага універсітэта імя Сахарава.

Пагроза звальненняў, адлічэнняў узнікла ў многіх актывістаў БХД, таму яе кіраўніцтва і вырашыла абмеркаваць, ці варта працягваць кампанію і падстаўляць людзей пад удар, кажа Севярынец.

БелаПАН нагадвае, што з 173 актывістаў аргкамітэта па стварэнні БХД, што падалі дакументы на рэгістрацыю кандыдатамі ў дэпутаты, зарэгістраваныя былі толькі 82.