Кіраўнік асацыяцыі аўтадылераў: Аўтарынак Беларусі фактычна спыніўся

Беларускія аўтамабільныя дылеры і імпарцёры фактычна прыпынілі сваю дзейнасць. Пра гэта БелаПАН заявіў кіраўнік беларускай Аўтамабільнай асацыяцыі "БАА" Сяргей Міхневіч. Па яго словах, яшчэ ў снежні аўтадылеры прадалі амаль усе наяўныя запасы легкавых аўтамабіляў. У апошнія дні мінулага года машыны адпускаліся ў аўтацэнтрах дзясяткамі. Агулам у снежні дылеры прадалі некалькі тысяч аўтамабіляў, адзначыў Міхневіч.

Па падліках кіраўніка БАА, рэшткі аўтамабіляў дылеры прададуць на працягу студзеня. Пакуль жа амаль усе аўтадылеры прыпынілі продажы. Яны не ведаюць новага механізму фармавання коштаў на машыны. "Інфармацыя на гэты конт супярэчлівая", — падкрэсліў Міхневіч.

"Паводле заяваў адных крыніц, указ № 546, які вызначае базу збірання ПДВ, яшчэ дзейнічае. Іншыя крыніцы сцвярджаюць, што ўказ падлягае карэкцыі або адмене, і карэкцыя адбудзецца на працягу студзеня", — адзначыў кіраўнік БАА. Ён растлумачыў, што паводле ўказу №546 базай збірання ПДВ з'яўляецца розніца паміж коштам рэалізацыі і коштам набыцця. "Калі кіравацца адной з рэдакцый Падатковага кодэксу, які быў ухвалены ў канцы мінулага года і канчатковую версію якога мы пакуль не можам атрымаць, то там такая ільгота не значылася. У сувязі з гэтым дылеры апынуліся ў тупіку. Яны фактычна прыпынілі працу, чакаючы тлумачэнняў", — растлумачыў Міхневіч.

Па яго словах, дылеры разлічваюць, што адмены дзейснай ільготнай стаўкі збірання ПДВ не адбудзецца. Разам з тым ён не выключыў, што кампаніі, якія прадаюць аўтамабілі ў цяперашні час, вельмі рызыкуюць. "Потым іх абвінавацяць у няслушным фармаванні коштаў, і ім прыйдзецца даплаціць у бюджэт падвышаны ПДВ", — адзначыў кіраўнік БАА.