Кіраўнік МЗС Беларусі сёння пачынае перамовы ў Бруселі з "тройкай" ЕС

Сёння пачынаецца трохдзённы візіт кіраўніка МЗС Беларусі Сяргея Мартынава ў Брусель. Яго мэта - абмеркаванне перспектываў дыялогу Мінску з Еўрасаюзам. Падчас візіту Мартынаў сустрэнецца з "тройкай" ЕС на ўзроўні міністраў замежных спраў. Як адзначае агенцтва Regnum, вясной Еўрасаюз мае намер вызначыцца па пытанні ўдзелу Беларусі ў праграме "Ўсходняе партнёрства", якое прадугледжвае выдзяленне фінансавай дапамогі краінам-суседзям. Брусель таксама мусіць прыняць рашэнне аб адмене візавых і фінансавых абмежаванняў у адносінах вышэйшых беларускіх чыноўнікаў. Часткова гэтыя абмежаванні былі на паўгады прыпыненыя восенню 2008-га. Таксама вясной на саміт ЕС у Прагу можа быць запрошаны Аляксандр Лукашэнка.

Захад дамагаецца ад Мінску палітычных рэформаў, пашырэння правоў незалежных СМІ, паляпшэння клімату для дзейнасці партый, лібералізацыі выбарчага заканадаўства. Апошняе пытанне асабліва важнае напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2011 года. Як вядома, леташнія парламенцкія выбары Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе толькі часткова прызнала адпаведнымі міжнародным стандартам.