Кіраўнік МЗС Чэхіі даслаў Алесю Бяляцкаму ліст падтрымкі
Карл Шварцэнберг абураны папярэджаннем, якое генпракуратура вынесла праваабаронцу і можа пацягнуць ягоны крымінальны пераслед.
Міністр піша кіраўніку праваабарончага цэнтра "Вясна", што ўжо некалькі гадоў сочыць за сітуацыяй у Беларусі, але ніколі раней яна не выклікала такой заклапочанасці, як пасля мінулых выбараў. "Такой колькасці затрыманых кандыдатаў у прэзідэнты і фігурантаў справы аб масавых беспарадках, такога маштабу ператрусаў офісаў незалежных СМІ і няўрадавых арганізацый, такой хвалі запалохвання праваабарончых арганізацый не чакаў ніхто", — адзначаецца ў лісце.
Шварцэнберг выказвае глыбокую павагу да дзейнасці беларускіх праваабаронцаў і абяцае падтрымку — як асабістую, гэтак і з боку чэшскага МЗС, паведамляе сайт "Вясны".