Кіраўнікі буйнога мінскага аўтацэнтра нелегальна прадавалі машыны

Кіраўнікі буйнога аўтацэнтра ў Мінску, які з'яўляецца афіцыйным дылерам аўтамабільнай маркі "Сузукі", падазраюцца ў фінансавых махінацыях.
Пра гэта 28 ліпеня паведаміў у праграме навін канал ОНТ. Паводле звестак следчых, на працягу чатырох гадоў яны ўхіляліся ад выплаты мытных плацяжоў, афармляючы машыны і матацыклы, што ўвозіліся ў Беларусь, на падстаўных асоб.

З 2002 па 2006 гады аўтадылер афіцыйна не ўвёз у Беларусь ніводнай машыны, пры гэтым аўтатэхніка прадавалася рэгулярна. Як устанавіла следства, падазроныя афармлялі транспарт на падстаўных асоб, а потым прадавалі праз салон.

Ужо ўстаноўлена 15 такіх аўтамабіляў. Толькі на здзелках з імі дзяржава страціла прыблізна 350 мільёнаў рублёў. Следства працягваецца. Абвінавачаным пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі, паведамляе ОНТ.