Кіраўнікі МЗС краінаў ЕС разышліся ў пазіцыях адносна Лукашэнкі

Удзельнікі нефармальнай сустрэчы міністраў замежных справаў краін Еўрасаюза, якая праходзіць 27—28 сакавіка ў чэшскім горадзе Глубака, прытрымліваюцца розных пазіцый адносна запрашэння Аляксандра Лукашэнкі на майскі саміт "Усходняга партнёрства". Перад сустрэчай камісарка па знешніх сувязях і палітыцы добрасуседства ЕС Беніта Ферэра-Вальднер выказала думку, што запрашаць кіраўніка Беларусі на майскі саміт "яшчэ рана", "Беларусі трэба даць яшчэ адзін шанец для таго, каб краіна зрабіла далейшыя крокі", аднак якія, Ферэра-Вальднер не канкрэтызавала.

Супраць запрашэння Лукашэнкі на саміт выступаюць Нідэрланды. "Мы лічым, што прэзідэнту Лукашэнку нельга даваць палітычную платформу 7 мая", — заявіў у ходзе дэбатаў галандскі міністр замежных спраў Максім Верхаген.

У той жа час кіраўнік МЗС Славакіі Міраслаў Лайчак лічыць, што, калі ЕС жадае наблізіць беларусаў да Еўропы і еўрапейскіх каштоўнасцяў, супрацоўніцтва з афіцыйным Мінскам неабходнае.

Нагадаем, 20 сакавіка лідэры краін ЕС ухвалілі новую праграму "Усходняе партнёрства" з удзелам шасці постсавецкіх краін — Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны.

Саміт Усходняга партнёрства павінен прайсці 7 мая ў Празе або Бруселі.

БелаПАН