Кіроўцу, які раздушыў машыну медыкаў пад Полацкам, выставілі абвінавачанне

Мужчыну ўзялі пад варту, паведамляе БелаПАН. Следства праводзіць аўтатэхнічную, трасалагічную ды іншыя экспертызы.



Нагадаем, трагедыя адбылася раніцай 23 траўня. Медыкі ехалі ў Віцебск на канферэнцыю па кардыялогіі. На дарозе Віцебск — Полацак за 10 км ад Шуміліна мікрааўтобус спыніўся. Кіроўца займаўся рамонтам, калі гружаная фура раптам на поўнай хуткасці ўрэзалася ззаду ў аўтамабіль з медыкамі. Удар ад сутыкнення быў настолькі магутным, што мікрааўтобус выкінула ў поле. У салоне аўтамабіля апынуліся заблакаванымі пяць пасажыраў. Чацвёра з іх загінулі, пятая апынулася ў цяжкім стане.



У Полацку з нагоды гібелі лекарак 25 траўня была абвешчаная жалоба. Дзеля яе нават адмянілі Дзень горада, прызначаны на гэтыя выходныя.



Фота — mchs.gov.by