Кніга, якая яшчэ да свайго выхаду стала легендай

Падчас прэзентацыі “Кнігі Вялікага княства Літоўскага” амбасадар Украіны ў Беларусі падараваў амбасадару Літвы манету ВКЛ, а літаратар Сяргей Дубавец дапытваў у сваіх калег з Польшчы і Літвы Анджэя Струмілы і Эгідзіюса Александравічуса, ці мараць у іх краінах аб адраджэнні ВКЛ “Кніга Вялікага Княства Літоўскага” яшчэ да свайго выхаду з друкарні стала легендай у гістарычных колах. Большасць людзей, якія сабраліся на прэзентацыю выдання 24 лістапада ў Купалаўскім тэатры, упершыню пабачылі, як кніга выглядае. А пагартаць яе цікаўныя змогуць не адразу: “Кніга” выдадзена накладам усяго 1 тысяча асобнікаў і прадавацца не будзе. Гэта — падарунак выдаўцоў культурніцкім установам краіны.



Як распавёў польскі гісторык, прафесар Анджэй Струміла, яго продкі паходзяць з Мінскай і Віленскай земляў. І таму свой ўклад у стварэнне гэтай кнігі ён назваў выплатай пазыкаў.

Анджэй Струміла: “Мой бацька нарадзіўся ў Мінску. Мой дзед нарадзіўся на зямлі Мінскай. Мая бабуля нарадзілася ў Віцебску, я сам — у Вільні, а мая маці — на поўначы Віленшчыны. Сваю маладосць я правёў на зямлі Віленскай, Лідскай і Наваградскай. Гэта кніга — выплата пазыкаў маёй гістарычнай айчызне”.



Як распавёў польскі прафесар, пэўны час таму трое сяброў выпілі па некалькі чарак гарбаты і напісалі ліст, у якім далі зарок самім сабе прыкласці ўсе сілы на напісанне кнігі, прысвечанай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага.

Анджэй Струміла: “Каб нагадаць нашым народам паразы і славу мінулых пакаленняў. І дапамагчы правільна зразумець сэнс супольнай гісторыі. І падпісаліся: Чэслаў Мілаш (Кракаў), Анджэй Струміла (Мацькова Руда) і Томас Венцлаў (Вільня). Выданне кнігі — гэта быў акт эмацыйны, які меў на мэце прадставіць свядомасць сучасных інтэлектуалаў, навукоўцаў, гісторыкаў, якія жывуць на абшарах Вялікага Княства”.

А беларускі літаратар Сяргей Дубавец патлумачыў сваім замежным калегам, чаму ідэя напісання гэтай кнігі выклікала такую цікаўнасць у нашай краіне.

Сяргей Дубавец: “Ідэя, якую нарадзіла гэта кніга, і якая прывяла сюды сёння столькі народу, яна, мабыць, жывая. А ідэі, калі авалодваюць дастатковай колькасцю народа, набываюць матэрыяльную сілу. Тое самае адбываецца і з ідэяй Вялікага Княства Літоўскага. Мабыць, не надта задавальняе сённяшняе ўладкаванне геапалітычнай сітуацыі народаў. Я ведаю, што беларусы моцна мараць пра адраджэнне ВКЛ”.



І пацікавіўся, як ставяцца да ідэі адраджэння ВКЛ у Польшчы і Літве?

Гісторык з Літвы Эгідзіюс Александравічус шчыра прызнаўся, што яго суайчыннікі мала пра гэта задумваюцца.

Эгідзіюс Александравічус: “Сапраўды, літоўцы не грузяць цэлымі днямі галаву ідэяй Вялікага Княства Літоўскага. Калі ў іх канчаткова сфармавалася нацыянальная самаідэнтыфікацыя, яны вырашылі, што мінулае і гісторыя не з’яўляюцца важнымі. З другога боку, літоўцы бачаць у ВКЛ рамантыку. Як у разбураных старажытных вежах. Літоўцам не проста зразумець, што іх сённяшняя павага да свабоды і статута Літвы — гэта старалітоўскі ідэнтафікат ВКЛ. Дзе галоўным было — свабода і шанаванне статута ВКЛ. Ідэя Вялікага Княства Літоўскага павінна нам нагадваць, што азначае грамадзянская свабода і панаванне права. Калі мы гэтага дасягнем, тады і дух ВКЛ паселіцца ў нас”.



Не мрояць адраджэннем Вялікага Княства Літоўскага і палякі, прызнаўся Анджэй Струміла. Але, кажа, гэта не падстава для таго, каб забывацца на гісторыю гэтай агульнай краіны нашых продкаў.

Напрыканцы прэзентацыі аўтары “Кнігі” падаравалі некалькі яе экзэмпляраў ганаровым гасцям. Найперш, папрасілі дарадца міністра культуры Тадэвуша Стружэцкага перадаць адзін яе экзэмпляр Паўлу Латушку. Той не толькі паабяцаў гэта зрабіць, але і выказаў меркаванне, што гэта кніга стане самым значным,унікальным і каштоўным выданнем 21 стагоддзя.




Для Навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа кнігу падаравалі дырэктару Наталлі Бярозкінай.


У Нацыянальную бібліятэку кнігу перадалі праз намесніцу дэрэктара Таццяну Кузьмініч. А для Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі – праз дырэктара Сяргея Сапешку.

Атрымалі кнігу Паўнамоцны і Надзвычайны амбасадар Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Эдмінас Багдонас. Ён узрушана падзякаваў за падарунак.

Эдмінас Багдонас: “Амбасада Літвы працуе шмат гадоў над тэматыкай Вялікага Княства Літоўскага. І тое, што вы зрабілі, гісторыкі Беларусі, Польшчы і Літвы, гэтая кніга ёсць не толькі наша спадчына, але і наша будучыня”.



Атрымаў падарунак і Паўнамоцны і Надзвычайны амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Ліховы. У яго выпадкова аказаўся з сабой падарунак.

Ігар Ліховы: “Абсалютна выпадкова маю грош Вялікага Княства Літоўскага. І хачу падараваць яго спадару амбасадару Літвы. Гэта вялікі чалавек і сапраўдны гетман Вялікага Княства Літоўскага!”




Спадар Багдонас з вялікім здзіўленнем прыняў падарунак і з задавальненнем паказваў яго ўсім цікаўным.


Падаравалі кнігу і дарадцу амбасады Рэспублікі Польшча Томашу Шыманскаму.

Томаш Шыманскі: “Сёння здарыўся цуд ХХІ стагоддзя: кніжку ніхто яшчэ не чытаў, а ўсе яе ўжо любяць. Але я скажу адно — няхай агульная гісторыя будзе для нас настаўнікам жыцця".



Падчас прэзентацыі прамовы аўтараў кнігі і ганаровых гасцей аздаблялі сваімі выступамі акторы купалаўскага тэатра, ансамбль “Гуды”, сябры клуба “Рыцары Княства Літоўскага”, старажытнага танца і гурт старажытнай музыкі “Стары Ольса”.


Ансамбль сярэднявечнага танца “Фламея”


Адзначым, што арганізатарамі мерапрыемства з’яўляюцца амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі, Фонд “Памежжа” з Польшчы, Польскі Інстытут у Мінску і беларус Зміцер Герасімовіч.


Фота аўтара і bymedia.net