Кобрынскі аквапарк давялося перапраектоўваць і пераносіць

Кобрын перабудоўваюць пад Дажынкі-2009. Сярод запланаваных новаўвядзеняў - пабудова Лядовага палацу і аквапарка. Аднак высвелілася, што пры праектаванні дапушчаная памылка, і працы трэба пачынаць спачатку.  Пра гэта Еўрарадыё паведаміў  былы кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Алесь Мех: "Вось Лядовы палац і аквапарк хацелі спачатку будаваць побач, і нават пачалі, а потым выйшла, што пад аквапарк пляцоўка не падышла. Дык сотні мільёнаў змарнавалі, бо гэта ж перапраектаванне, перанос аквапарка".  

Ва ўпраўленні капітальнага будаўніцтва Кобрынскага райвыканкама пацвердзілі гэтую інфармацыю.

Чыноўнік: "Там, дзе спачатку хацелі яго будаваць, раней быў тартак, на 5 метраў углыбкі апілак ды глею. Як сваі заб’еш? Занадта вялікі аб’ём работ - гэта ўсё вывозіць і завозіць, зашмат грошай і замала часу".

Імя свайго прадстаўнік уладаў не назваў, не паведаміў таксама, колькі каштавала перапраектаванне і чаму не заплацілі аванс рабочым.