Колькасць ападкаў у Беларусі летась на чвэрць перавысіла кліматычную норму

У Беларусі ў 2009 годзе выпала 817 мм ападкаў, што складае 125% ад кліматычнай нормы. Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведаміла начальнік аддзела клімату Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Алена Камароўская. Па яе словах, на працягу года ападкі выпадалі нераўнамерна. Узімку гэта лічба склала 116 мм, што блізка да нормы. Увесну — 131 мм (95% ад нормы). За летнія месяцы выпала 307 мм ападкаў, ці 126% ад кліматычнай нормы. Такое вільготнае лета бывае ў Беларусі адзін раз на 8 гадоў.

Восень мінулага года была не толькі цёплай, але і дажджлівай — 223 мм ападкаў (140% ад нормы), што бывае ў Беларусі раз у 15 гадоў. Самая вялікая колькасць ападкаў выпала ў Віцебскай вобласці.