Колькасць прыёму ў ВНУ будуць вызначаць Мінпрацы і Мінэканомікі
Беларускі ўрад не збіраецца штучна скарачаць колькасьць першакурснікаў ва ўніверсітэтах. Аднак кантрольныя лічбы прыёму будуць вызначаць Мiнiстэрства працы і сацыяльнай абароны і Міністэрства эканомікі. З такой заявай у эфіры тэлеканала "Беларусь 1" выступіў віцэ-прэм'ер Васіль Жарко.
Чыноўнік адзначыў, што ўжо цяпер заўважаецца змяншэнне набору ў ВНУ, перадае tut.by. У 2017 годзе ў ВНУ паступалі на 7% чалавек менш, чым у 2016-м. Затое вырасла колькасць тых, хто паступаў у прафесійна-тэхнічныя вучэльні і ССНУ.
Жарко падкрэсліў, што дагэтуль лічбы прыёму ў ВНУ залежалі ад рэктараў. "Рэктару выгадна: чым больш у яго студэнтаў, чым больш у яго платнікаў", — патлумачыў віцэ-прэм'ер.
Між тым набор студэнтаў, на яго думку, павінен залежаць ад патрэбаў эканомікі. Таму вызначаць лічбы прыёму, патрэбныя для той ці іншай галіны, мусяць Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і Міністэрства эканомікі.
"Зноў жа, калі мы павысім прахадныя балы ў ВНУ, то паступяць тыя, хто павінен навучацца. Няма штучнай задачы скараціць вышэйшую адукацыю, але яна павінна быць для падрыхтаванага чалавека", — выказаў сваё меркаванне Жарко.
15 жніўня віцэ-прэм'ер паведаміў, што ў нашай краіне мяркуецца паступова скарачаць набор на навучанне ў ВНУ. Ён заявіў, што выпускнікоў ВНУ ў Беларусі ўдвая больш, чым тых, хто завяршыў навучанне ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
Таксама Жарко заявіў пра неабходнасць правесці атэстацыю і праверыць усе ВНУ на адпаведнасць ліцэнзійным патрабаванням. На яго думку, 42 дзяржаўныя і 9 прыватных ВНУ — гэта зашмат для Беларусі.