Консул Польшчы: Беларускія турысты павінны атрымліваць шэнгенскую візу

Сёння на прэс-канферэнцыі консул амбасады Польшчы ў Мінску Славамір Зуброўскі патлумачыў парадак выдачы бясплатных нацыянальных польскіх віз. Нацыянальныя польскія візы з 1 студзеня 2011 года бясплатна выдаюцца тым, хто будзе знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы больш за 90 дзён на працягу паўгода. Падаваць дакументы на такую візу можа любы грамадзянін Беларусі, але для яе атрымання яму давядзецца даказаць неабходнасць знаходжання на тэрыторыі Польшчы больш чым 90 дзён.

"У прыватнасці, гэта студэнты, уладальнікі карты паляка, людзі, якія працуюць у Польшчы", — сказаў ён.

Зуброўскі адзначыў, што беларусы, якія едуць у Польшчу як турысты, павінны атрымліваць шэнгенскую візу, бо будуць знаходзіцца на тэрыторыі краіны менш за  90 дзён, перадае БелаПАН.