Кожны другі іншагародні студэнт БДУІР застанецца без інтэрната

Месца ў інтэрнаце не атрымае больш за палову іншагародніх студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Два жыллёвыя корпусы, якімі валодае БДУІР, проста не змяшчаюць усіх ахвотнікаў. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў студэнцкім прафкаме ўніверсітэта. Супрацоўніца прафкама студэнтаў БДУІР: “У першым інтэрнаце пражывае больш за тысячу асобаў, і ў другім каля 1,5 тысяч. А гэта каля 45% патрабуючых, таму ў першую чаргу ідуць тыя, хто мае нейкія льготы”.

У лютым наступнага года плануецца адчыніць новы інтэрнат, які будзе выглядаць як звычайны дом з кватэрамі. Туды плануецца перасяліць студэнцкія сем’і ды аспірантаў, аднак ён разлічаны толькі на 300 месцаў. Таму кожны другі студэнт БДУІР усё роўна будзе вымушаны здымаць кватэру ці пакой у сталіцы за ўласныя грошы.