Козік: У Беларусі толькі пробліскі крызісу, суседзям у 10 разоў горш

План лібералізацыі эканомікі, прыняты ўрадам, мае патрэбу ў яшчэ большай лібералізацыі, заявіў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік.
"Ва ўсіх дзяржавах СНД становішча ў дзесяць разоў горшае. У нас пробліскі крызісу таксама існуюць: то працоўны дзень скароціцца, то мусяць канвееры прастаяць. Гэта не таму, што наша эканоміка не працуе, а таму, што пакупнікі нашай прадукцыі, на жаль, не маюць грошай", — растлумачыў прафсаюзны лідэр.

"Мы павінны думаць, што будзе далей. Калі прыпыняцца нейкія канвееры, трэба падумаць, як гэтых людзей перанавучыць іншай прафесіі. У нас паўсюдна вісяць аб'явы: патрэбен то муляр, то сталяр… Трэба паглядзець па студэнтах — каб тыя, хто ўзяў крэдыты на навучанне, маглі атрымліваць іх далей і працягваць вучыцца. Падумаць пра людзей, якія атрымалі льготныя крэдыты на кватэры, і раптам апынуліся без працы, без даходу. Трэба прыняць нейкае рашэнне, якое дазволіла б ім спакойна расплаціцца, — можа быць, прадоўжыць тэрмін пагашэння", - разважаў старшыня ФПБ Леанід Козік у Мінску 20 лютага.

БелаПАН