Краіны Балтыі рыхтуюцца да ўступлення войскаў НАТА
Арганізатары вучэнняў не называюць краіну, супраць якой адпрацоўваюцца навыкі прыёму і размяшчэння сіл саюзнікаў у краінах Балтыі.
Эстонія, Латвія і Літва правядуць з 4 па 8 красавіка сумесна з кіраўніцтвам еўрапейскага камандавання ўзброеных сіл ЗША і ўдарнай групоўкай НАТА (Strike Force NATO) сумесныя вучэнні Baltic Host па адпрацоўцы навыкаў прыёму і размяшчэння сіл саюзнікаў у краінах Балтыі, паведамляе РИА "Новости" са спасылкай на Галоўны штаб Сіл абароны Эстоніі.
Вучэння Baltic Host будуць засноўвацца на кампутарнай сімуляцыі, рэальнага перасоўвання ваенных падраздзяленняў у іх рамках не прадугледжана.
Акрамя міністэрстваў абароны ў вучэннях прымуць удзел і іншыя ведамствы. Сёлета ў вучэннях прымуць удзел больш прадстаўнікоў грамадзянскага сектара, чым раней. З эстонскага боку задзейнічаны МУС, міністэрства сацыяльных справаў і Мінэканомікі, а таксама дэпартамент паліцыі і памежаховы, выратавальны дэпартамент, дэпартамент шашэйных дарог і дэпартамент аховы здароўя. З прадпрыемстваў прыцягнуты Талінскі порт, Эстонская чыгунка і Талінскі аэрапорт.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, легенда вучэнняў складзена на падставе прыдуманай сітуацыі ў прыдуманай дзяржаве. Роля саюзнікаў даручана дыслакаваным у італьянскім Неапалі вайскоўцам Strike Force NATO, а таксама афіцэрам з Германіі, Даніі, Польшчы, Нарвегіі і прадстаўнікам еўрапейскага камандавання ўзброеных сіл ЗША. У якасці назіральнікаў у вучэннях прымуць удзел вайскоўцы з Аўстрыі, Фінляндыі, Швецыі і аператыўнага камандавання НАТА.