Крэдыты на навучанне ў Польшчы ўдвая таннейшыя, чым у Беларусі

Пры гэтым нашыя суайчыннікі пачынаюць выплачваюць пазычаныя грошы ўжо падчас вучобы, а палякі — праз два гады пасля сканчэння універсітэту. "Беларусбанк" рэкамендуе студэнтам браць ільготны крэдыт на навучанне. На іх думку, наш крэдыт на сённяшні дзень, бадай, адзін з самых нізкіх — толькі 7%.

"Беларусбанк": “Льготны крэдыт — гэта 7%. Што для гэтага трэба? Падаць дамову, даведку пра склад сям’і, пра даходы ўсіх працаздольных членаў сям’і. І гэтая сума не павінна быць меншай за 872 тысячы (на кожнага чалавека). Гэта 350% ад мінімальнага спажывецкага бюджэту на душу насельніцтва. Ну і даведка з інстытута, што першая адукацыя, стацыянар”.
    
Калі ўсе гэтыя ўмовы выкананыя, то адкрываецца крэдытная лінія. Сума выдаецца ў памеры 70% ад гадавога кошту, 30 % аплачваюць самі. Крэдыт пагашаецца пасля заканчэння навучальнай установы, а ўвесь гэты час выплачваюцца адсоткі.

Але ці сапраўды льготны крэдыт такі “льготны”, як пра яго кажуць? Для таго, каб адказаць на гэтае пытанне, Еўрарадыё вырашыла параўнаць крэдытныя магчымасці беларускіх ды замежных студэнтаў.
З гэтай нагоды мы звярнуліся ў адзін з пяці польскіх банкаў, які выдае крэдыты на навучанне — Банк PKO Bank Polski Sa. У службе сувязі з кліентамі нам распавялі, што сёння студэнцкі крэдыт у Польшчы даецца пад 4,5 адсоткі гадавых.
Прычым частка крэдыту можа быць пакрытая з адмысловага студэнцкага фонду, а калі вы вучыцеся выдатна і ўваходзіце ў групу 5 адсоткаў лепшых студэнтаў выпуску — памер вашага крэдыту паменшыцца яшчэ на 20 адсоткаў.

PKO Bank Polski Sa: “Актуальна апрацэнтаванне студэнцкага крэдыту складае чатыры з паловаю адсотка.
Частка апрацэнтавання пакрываецца са сродкаў студэнцкага фонду пазыкаў і крэдытаў. Калі вы скончыце вучобу ў групе 5 адсоткаў найлепшых выпускнікоў універсітэту, то можа быць скасавана 20 адсоткаў сумы крэдыту”.

Што ж датычыцца выплаты крэдыту, то тут польскім студэнтам можна пазайздросціць. Па-першае, час выплаты ўдвая перавышае час яго атрымання. Іншымі словамі, калі вы 5 гадоў атрымлівалі банкаўскія сродкі на навучанне ў роднай альма-матэр, то аддаваць гэтыя грошы вы можаце на працягу 10 гадоў. Па-другое, пакінуўшы сцены сваёй ВНУ, вы маеце 2 гады на тое, каб знайсці прыстойную працу, стаць на ногі — і толькі пасля пачаць выплаты.

Зразумела, што на такіх варунках ахвотных узяць запаветныя грошы шмат, дый, нягледзячы на крызіс, атрымаць студэнцкі крэдыт можа практычна любы навучэнец, які адпавядае пэўным крытэрам.


PKO Bank Polski Sa:
“Адукацыя павінна быць распачатая перад спаўненнем 25-ці гадоў, чалавек павінен мець поўную праваздольнасць. Гэтае навучанне не можа быць пасля здачы магістарскага экзамену, а таксама не можа быць пасля здачы дыплому”.

Канечне, каб атрымаць банкаўскую пазыку, трэба сабраць неабходныя даведкі.


PKO Bank Polski Sa: “Акрамя ўнёску на прызнанне крэдыту, неабходныя дакументы па велічыні даходаў на асобу ў сям’і студэнта.
Патрэбнае пасведчанне з ВНУ, якое пацвярджае, што вы студэнт”.

Прычым для атрымання гэтых грошай не абавязкова атрымліваць заробак менавіта ў Польшчы — што адкрывае дарогу да танных польскіх студэнцкіх крэдытаў і нашым суайчыннікам


PKO Bank Polski Sa: “Можаце атрымліваць даходы нават за мяжой. Калі вы ў стане іх пацвердзіць дакументальна, то будуць таксама прызнаныя”.