Крычаўскую гімназію абяцаюць аднавіць да 1 верасня 2015 года
На гэта спатрэбіцца каля 50 млрд. рублёў.
Крычаўскую гімназію, частка якой абвалілася 29 жніўня, павінны аднавіць да 1 верасня 2015 года. Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведаміў старшыня Крычаўскага райвыканкама Васіль Сысоеў.
Нагадаем, што надзвычайнае здарэнне адбылося перад самым пачаткам навучальнага года. У гімназіі абрынуўся дах над актавай залай і сталовай на плошчы ў 100 кв.м. На момант здарэння ў будынку знаходзіўся толькі вартаўнік, таму ахвяр удалося пазбегнуць.
Цяпер частка гімназіі знесеная. Вядзецца распрацоўка праекта па будаўніцтве новай з актавай залай і сталовай. Ацалелыя часткі будынка абследаваныя і будуць рэканструяваныя.
На аднаўленне гімназіі, па падліках спецыялістаў, неабходна каля 50 млрд. рублёў. Большая частка гэтых сродкаў будзе вылучаная з абласнога бюджэту ў 2015 годзе. Таксама на будаўніцтва плануецца прыцягнуць частку сродкаў насельніцтва і спонсараў. У райвыканкаме адкрыты дабрачынны рахунак на аднаўленне гімназіі. Ад насельніцтва, прадпрыемстваў і арганізацый на яго паступіла ўжо больш за 140 млн. рублёў.
Сцены гімназіі, якая абрынулася ў Крычаве, камісія ацэньвала “на вока”