Крымінальнай справы за збіццё журналісткі Радзінай не будзе

Пракуратура Ленінскага раёна Мінску адмовілася пачынаць крымінальную справу па збіцці журналісткі сайту "Хартыя'97" Наталлі Радзінай. У пастанове гэта тлумачыцца "адсутнасцю грамадска небяспечнай дзеі, прадугледжанай крымінальным законам". Як нагадвае БелаПАН, ператрус на офісе "Хартыі" адбыўся 16 сакавіка. Калі міліцыянты ўрываліся ў кватэру, арандаваную Радзінай, жанчыну збілі.

Пракурорскія работнікі, якія ладзілі праверку па заяве Радзінай, апыталі толькі міліцыянтаў, якія ладзілі ператрус на офісе "Хартыі". У пастанове гаворыцца: "Згаданыя мужчыны спрабавалі адвесці Радзіну Н. ад дзвярэй кватэры, пры гэтым трымалі за тулава. Іх дзеянні былі накіраваныя на то, каб не даць Радзінай зачыніць дзверы". Разам з тым пракуратура прызнала, што жанчына атрымала траўмы.

Як адзначыла журналістка, у пастанове нічога не гаворыцца, што ператрус у офісе адбыўся з парушэннямі.

Радзіна не выключыла, што будзе падаваць скаргу ў Мінскую гарадскую пракуратуру.