Крыніцы з Савета Еўропы: свіны грып – блеф, афёра і скандал

26 студзеня камісія сацыяльных справаў і здароўя Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) сустрэлася з экспертамі Сусветнай арганізацыі здароўя і прадстаўнікамі фармацэўтычных кампаній. Даследуецца пытанне: ці не з’яўляецца пандэмія свінога грыпу адным вялікім махлярствам і якую ролю ў гэтым адыгралі магутныя фармацэўтычныя канцэрны і САЗ. Ананімныя крыніцы з Савета Еўропы лічаць, што абвяшчэнне САЗ пандэміі было блефам, а кулісы абвяшчэння могуць быць найвялікшай афёрай у гісторыі САЗ, паведамляе "Метро". Экс-кіраўнік ПАСЕ Луіс Марыя дэ Пуч назваў абвяшчэнне найвялікшым медычным скандалам у гісторыі. На думку старшыні, мільёны людзей у паніцы прышчэпліваліся нетэставанымі вакцынамі, рызыкуючы атрымаць пабочныя эфекты. Дайшло і да жудасных бюджэтных стратаў. Французы набылі 94 млн прышчэпак за больш чым 860 млн еўра, але прышчапілася 5 млн асобаў. Італія купіла 24 млн за 184 млн еўра, а прышчапілася 827 тыс. чалавек. Цяпер урады не ведаюць, як ад прышчэпак пазбыцца.

У пачатку студзеня ПАСЕ заснавала следчую камісію, каб вызначыць, якую ролю ў кампаніі прапаганды прышчэпак сыгралі фармацэўтычныя канцэрны, якія ствараюць антыдотум GlaxoSmithKline, Novartis i Sanofi-Aventis.

САЗ адклала ўнутранае расследаванне абставінаў абвяшчэння пандэміі, “пакуль пандэмія не скончыцца”. Нагадаю, САЗ абвясціла пандэмію ў чэрвені 2009 г. Дагэтуль з прычыны поствірусных ускладненняў памерлі 13 тыс. чалавек.