Крызіс: у Беларусі таннеюць ручкі Паркер і квіткі на цягнік

Пэўная карысць ад сусветнага эканамічнага крызісу ўсё ж такі ёсць. Еўрарадыё даведалася, якія тавары патаннелі за апошнія месяцы. Тыя, хто не адпачываў летам, могуць зараз правесці адпачынак у Еўропе на 10% танней. Калі паўгода таму туры каштавалі ад 960 тысяч рублёў, то сёння - ад 870 тысяч. Атрымалася гэта з-за розніцы курсаў еўра, гавораць у турагенцтве "Турлюкс".

"Турлюкс":
"Кошт паездак у еўра не змяніўся. Але калі ўлічваць курс, то пры параўнанні з летнімі месяцамі атрымоўваецца танней. Аўтобусныя туры каштуюць ад 290 еўра да 750 - у Іспанію".

На тыя ж 10% нядаўна ў Беларусі знізіліся цэны і на паліва. У інтэрнэт-крамах адбылося зніжэнне цэнаў на некаторыя тавары аж на 10-20%. Але гэта хутчэй не з-за крызісу, а з-за пастаноў Міністэрства эканомікі Беларусі, адказалі Еўрарадыё у краме прадстаўніцкіх аксэсуараў "Атрыбут". Нават ручкі Паркер могуць патаннець у хуткім часе.

Інтэрнэт-крама "Атрыбут": "У нас тавары патаннелі хутчэй за ўсё таму, што у верасні Мінэканомікі Беларусі выдала пастанову, якая абмяжоўвае нацэнку на некаторыя групы тавараў. У нас знізілася цана ад 10 да 20 % на ліхтары, нажы, тавары для пікніка і, хутчэй за ўсе, патаннеюць ручкі Паркер, Ватэрман. Таму што, згодна з беларускімі законамі, адносяцца да школьна-пісьмовых прыладаў. Абсурдна лічыць, што школьнікі пішуць ручкамі за дзве тысячы долараў, але і яны, відаць, патаннеюць".

Чыгуначныя квіткі на міжнародныя маршруты таксама таннелі на працягу восені, - распавялі нам у касе Беларускай чыгункі, але тут сітуацыя хутка змяняецца. Зараз, напрыклад, у Берлін можна яшчэ з'ездзіць танней, чым улетку, але кожныя два тыдні кошт на квіткі павялічваецца.

Чыгуначная каса: "Усю восень квіткі таннелі, але ўжо са снежня пачалі даражэць. Вось 14-га падаражэлі зноў. Напрыклад да Берліну летам былі дарагія, потым патаннелі да 245 тысяч, але зараз іх кошт - 275 тысяч".