"Купальскае кола" аблягчае фармат і марыць выйсці на вольнае паветра

Чацвёрты па ліку фольк-метал фестываль “Купальскае кола” пройдзе ў мінскім “Рэактары” 29 чэрвеня. Праўда, сёлета ў сувязі з вялікай колькасцю летніх металічных канцэртаў арганізатары фэсту вырашылі палегчыць яго фармат і запрасілі да ўдзелу гурты “Палац”, “Guda”, “Рокаш”, “Ліцвіны”, “Унія” і іншых. Да таго ж, па словах аднаго з ідэолагаў імпрэзы – Алеся Таболіча, цяперашняя беларуская фольк-метал-сцэна перажывае не лепшыя часы: гурты з’яўляюцца і знікаюць, не пакідаючы пасля сябе нічога цікавага.

Алесь Таболіч: “Як паказалі папярэднія гады, гурты кшталту “Пярэваратня” ці “Лютавер’я” нічым не вылучыліся за мінулыя гады, яны нібыта былі, а цяпер іх няма”.

Арганізатары не выключаюць магчымасці правядзення наступнага юбілейнага “Купальскага кола” на вольным паветры, і, магчыма, з часам перагледзяць фестывальны фармат.

Па словах адной з удзельніц імпрэзы – вакалісткі гурта “Guda” Вікторыі Міхно, мэта фэсту – растлумачыць яго гледачам сутнасць свята Купалле.

Вікторыя Махно: “Купальскі фэст – гэта своеасаблівая прэзентацыя традыцый і магчымасць данесці да вялікай колькасць слухачоў і гледачоў і дух свята, і яго гук, і, напэўна, распавесці пра тое, што такое было Купалле і для нашых продкаў, і чым яно можа быць сёння для сучасных людзей – нас з вамі, якія ездзяць у аўтобусах і лётаюць у самалётах”.

Дарэчы, ад “Гуды” прысутныя “Купальскага кола” пачуюць выключна купальскія песні, а іх у рэпертуары гурта – не менш за 50! Апроч купальскіх, гледачы фэсту атрымаюць магчымасць паслухаць беларускія песні як у архаічным, так і сучасным варыянтах.

Нагадаем, папярэдні кошт квіткоў 20 000(+ дыск у падарунак),25 000(столікі), у дзень канцэрта  25-30 тысяч.