Квенцін Таранціна прэзентуе новы фільм у 2009 годзе

Рэжысёр Квенцін Таранціна ў інтэрв'ю аднаму з французскіх тэлеканалаў заявіў, што прадставіць сваю новую карціну Inglorious Bastards (Ганебныя вылюдкі) ужо ў 2009 годзе ў Канах. Меркавалася, што гледачы ўбачаць гэты фільм не раней за 2010 год. Аўтар "Крымінальнага чытва" ўжо скончыў чарнавы варыянт сцэнара карціны, дзеянне ў якой будзе адбывацца падчас Другой сусветнай вайны.

Фільм распавядзе гісторыю групы амерыканскіх салдат, якую збіраюцца караць. Аднак улады даюць ім шанец і адпраўляюць у захопленую нацыстамі Францыю з адмысловай місіяй.

Нагадаю, што апошнім, пятым па ліку фільмам Таранціна, стала карціна "Доказ смерці" (Death Proof). Раней паведамлялася, што наступным фільмам рэжысёра будзе рэмейк эратычнага трылера "Хутчэй, кіска! Забі! Забі!" (Faster Pussycat! Kill! Kill!), які быў зроблены ў 1966 годзе рэжысёрам Расам Мэерам.

Паводле звестак іншых выданняў, Таранціна і Роберт Радрыгес плануюць зрабіць сіквел праекту "Грайндхаус", для якога Таранціна здыме баявік на тэму ўсходніх адзінаборстваў.

Фота: niezlekino.pl