Квіткі на Пугачову па 600 тысяч былі прададзеныя ў першы ж дзень

Квіткі на чарговы развітальны канцэрт прымадоны расійскай эстрады Алы Пугачовай, які пройдзе 7 траўня ў мінскім Палацы спорту, насуперак чаканням арганізатараў не разляцеліся ў імгненне вока.  Казаць, колькі дакладна квіткоў ужо прададзена, у касах Белдзяржцырку, які і з’яўляецца арганізатарам канцэрту, Еўрарадыё адмовіліся. Сказалі толькі, што квіткі ў наяўнасці яшчэ ёсць.

Кошт білетаў, якія можна набыць праз касы, вагаецца ад 125 да 525 тысяч рублёў. А былі і яшчэ даражэйшыя. Але іх чамусьці ў агульныя касы распаўсюджвальнікам не далі.

Каса: “Нам самых дарагіх у касы нават і не давалі. А самы дарагі, што ў нас тут быў — 525 тысяч. Але кажуць, што і яшчэ даражэйшыя былі. Не ведаю, што там — альбо V.I.P.-столікі, альбо першыя рады. А самы танны ў нас квіток — 125 тысяч”.

Рэакцыя аматараў творчасці Пугачовай на кошт квіткоў самая розная: ад незадавальнення, што даражэйшых квіткоў у касах нама, да здзіўлення велічынёй кошта нават самых танных квіткоў.

Каса: “Па-рознаму рэагуюць. Хтосьці бярэ самы дарагі і кажа: “Ой, а чаму няма даражэйшым і лепшых?!”, а хтосьці кажа: “Ой, а чаго так дорага?”.

Куды падзеліся самыя дарагія квіткі ў партэр, коштам 600 тысяч рублёў, Еўрарадыё даведалася ў адміністрацыі Белджяржцырка. Кажуць, на іх загадзя былі заяўкі.

Прадказваць, ці разыдуцца ўсе квіткі, у касах не бяруцца, шматзначна кажучы, што гэта не ад іх залежыць. А ў адміністрацыі прызналіся, што сёння прададзена толькі калі 50% квіткоў.