Ластоўскі: Міліцыянер не павінен так дзейнічаць. Гэта мая чалавечая пазіцыя
Дзеянні супрацоўніка міліцыі, які зняў адбіткі пальцаў у памерлага ў сваёй кватэры ад анкалагічнага захворвання Віталя Тараса, не разумеюць нават яго калегі. Пра гэта Еўрарадыё заявіў кіраўнік прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі.
Аляксандр Ластоўскі: “З тых ці іншых прычынаў неабходнасць “адкатваць пальцы” ў нябожчыкаў, безумоўна, існуе. Але калі мы паверым, што неабходна было “адкатаць пальцы” менавіта ў гэтага памерлага журналіста, то адназначна гэта трэба было зрабіць з улікам засмучанага стану яго сваякоў. Не павінен так дзейнічаць супрацоўнік міліцыі. Гэта мая пазіцыя чалавечая. Супрацоўнік міліцыі мусіў дзейнічаць па-іншаму: альбо спытаць дазволу, альбо патлумачыць людзям, якія сумуюць па страце роднага ім чалавека, неабходнасць. У любым выпадку, тут і мараль, і праўда на баку сваякоў мусіла быць”.
Але не толькі з чалавечага пункту гледжання да таго міліцыянера ёсць пытанні. Паводле Ластоўскага, ён паспрабаваў атрымаць тлумачэнні ад сваіх калег датычна аператыўна-следчай неабходнасці і юрыдычнай абгрунтаванасці іх дзеянняў. Вось толькі адказу так і не атрымаў.
Аляксандр Ластоўскі: “Артыкулам 7 прадугледжаная “адкатка пальцаў” у нябожчыка. Але з прававога пункту гледжання я не ведаю, як разглядаць гэты інцыдэнт. Мы не засталіся абыякавымі да інфармацыі, якая з’явілася ў сетцы інтэрнэт, і я таксама спрабаваў атрымаць адказ на гэтае пытанне, але дагэтуль не змог гэтага зрабіць”.
Нагадаем, што журналіст Віталь Тарас памёр 18 студзеня ў сваёй кватэры. Міліцыянер, які прыбыў аглядаць негвалтоўную смерць публіцыста, на вачах у блізкіх “адкатаў пальчыкі” ў нябожчыка, патлумачыўшы свае дзеянні адмовай журналіста пры жыцці прайсці гэтую працэдуру.
“Гэта быў нейкі дзяжурны, мы не ўдакладнялі яго прозвішча, — расказаў сын Віталя Тараса Антон. — Падобна было, што ён проста выконвае план па гэтых мерапрыемствах. Ён патлумачыў, што ёсць такі закон, які патрабуе, каб ваеннаабавязаныя здавалі гэтыя адбіткі”.
На думку юрыста Гары Паганяйлы, ніякіх прававых падставаў для такіх дзеянняў у адносінах да памерлага чалавека ў міліцыянера не было.
Гары Паганяйла: “Ніякіх прававых падставаў у тых, хто здзяйсняў гэтыя так званыя аператыўна-следчыя ці іншыя дзеянні, звязаныя з дактыласкапаваннем пальцаў памерлага чалавека, які да гэтага доўгі час хварэў, які не прыцягваецца да крымінальнай адказнасці, не з’яўляецца ні падазроным, ні абвінавачаным суб’ектам, не прадугледжана і недапушчальна па нашым заканадаўстве”.
Каб праверыць, ці ва ўсіх памерлых сёння бяруць адбіткі пальцаў, Еўрарадыё патэлефанавала ў бюро судова-медыцынскай экспертызы. Але там нам паведамілі, што робяць гэта толькі ў тым выпадку, калі атрымліваюць адпаведны загад з праваахоўных органаў.
Супрацоўнік судмедэкспертызы: “У нас робяць гэта ў тым выпадку, калі гэта неабходна. Гэта следчае дзеянне — следству лепш відаць. Мы як супрацоўнікі гэтай службы выконваем усе следчыя дзеянні. Яны не абавязаныя нам тлумачыць, для чаго яны гэта робяць. Трэба — адкатваем, трэба — бярэм, не трэба — не бярэм. Гэта ўсё пісьмова афармляецца намі”.
Што тычыцца выпадку з Віталём Тарасам, то нават супрацоўнік судмедэкспертызы здзівіўся дзеянням міліцыянера.
Супрацоўнік судмедэкспертызы: “Няма такога прадпісання, няма такога палажэння, якое б абавязвала гэтаму чалавеку з такой паталогіяй зрабіць дактыласкапію!”
Да таго ж, ніякіх папер, якія б абгрунтоўвалі і тлумачылі дзеянні міліцыянера, сваякі Віталя Тараса не толькі не атрымлівалі, але нават не бачылі.