Лазавік: Датэрмінова прагаласавалі 29% выбаршчыкаў

29,3% выбаршчыкаў прагаласавалі датэрмінова за пяць дзён на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў. Пра гэта паведаміў сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік. Мікалай Лазавік: "У цэлым прагаласавала 29,3% выбарцаў. У абсалютным выяўленні гэта 2 мільёны чалавек ад 7 мільёнаў, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах".

Паводле яго слоў, найбольш актыўна галасавалі выбаршчыкі Магілёўскай вобласці (34,3%), найменш актыўна — Мінску (23,5%).

Лазавік адзначае, што на цяперашніх выбарах яўка выбаршчыкаў падчас датэрміновага галасавання аказалася большай, чым на папярэдніх — у 2007 годзе, калі прагаласавалі амаль 25% выбаршчыкаў. На яго думку, гэта тлумачыцца тым, што з выбарцамі ладзілася арганізацыйна-выхаваўчая работа, а таксама добрым вясновым надвор'ем.