Леанід Заіка пра "Мытны саюз": Мы сталі сведкамі "смешнага вяртання ў СССР"

"Смешным вяртаннем у Савецкі Саюз" назваў падпісанне ў Мінску дакументаў аб мытным саюзе кіраўнік аналітычнага цэнтра "Стратэгія" Леанід Заіка. Як адзначыў Заіка ў каментары БелаПАН, "з пункту гледжання навуковага ці эканамічна-тэарэтычнага тут нічога цікавага няма, таму што ўвядзенне агульных пошлін — працэдура зусім простая, яна хутка робіцца без усялякай помпы і нават, можа быць, без занадта вялікай грамадскай увагі. Гэта ў большай ступені цікавіць прадпрыемствы і бізнес, якога ў нас амаль няма".

Нагадаем, 27 лістапада ў Мінску Аляксандр Лукашэнка, Дзмітрый Мядзведзеў і Нурсултан Назарбаеў падпісалі дакументы, згодна з якімі 1 студзеня 2010 года для Беларусі, Казахстана і Расіі пачне дзейнічаць адзіны мытны тарыф, а 1 ліпеня набудзе моц мытны кодэкс трох краін.