Ліцэістку затрымалі за фальшывае мініраванне вакзалаў у Гомелі

Як інфармуе БЕЛТА, паведамленне пра мініраванне паступіла ў дзяжурную частку міліцыі 23 лістапада ў 15.40 ад невядомай дзяўчыны. Па тэлефоне яна паведаміла, што ў будынку вакзала закладзенае выбуховае прыстасаванне. Пры гэтым дзяўчына не ўдакладніла, пра які з вакзалаў ідзе гаворка.



Да месца здарэння былі накіраваныя следча-аператыўныя групы. Давялося прыпыніць працу двух вакзалаў — аўтобуснага і чыгуначнага. На час пошукаў з будынкаў эвакуявалі сотні пасажыраў. Пры гэтым рух транспарту не спыняўся. На аўтобусным аўтавакзале выкарыстоўваліся рэзервовыя платформы. А на чыгуначным вакзале да перонаў людзі выходзілі, абыходзячы будынкі прыгараднага і міжнароднага вакзалаў. У той жа час набыць квіткі пасажыры не маглі.



Сапёры вайсковай часці 5525 не знайшлі выбуховых прыстасаванняў. Праца вакзалаў аднавілася. "Тэлефонную тэрарыстку" знайшлі міліцыянты. Гомельскі гарадскі аддзел Следчага камітэта пачаў крымінальную справу на непаўнагадовую дзяўчыну.



Фота — proza.ru