Лідэры апазіцыі чыталі незалежную прэсу ля Галоўпаштамта

3 траўня, у Сусветны дзень свабоды прэсы, ля будынка сталічнага Галоўпаштамта прайшла акцыя прадстаўнікоў Аб'яднаных дэмакратычных сіл у падтрымку незалежнай прэсы, у першую чаргу тых СМІ, якім адмовілі ў распаўсюдзе "Белсаюздрук" і "Белпошта".


У акцыі ўзялі ўдзел лідэр АГП Анатоль Лябедзька, старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі і яго намеснікі Юрась Губарэвіч і Віктар Івашкевіч. Яны прынеслі з сабою газеты "Народная воля" і "Наша ніва", каб раздаць іх мінакам.

Адразу жа пасля з'яўлення палітыкаў да іх падышлі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным і папярэдзілі, што раздача незалежнай прэсы будзе прыраўнаная да арганізацыі масавага мерапрыемства і будзе перарваная. Таму прадстаўнікі апазіцыі адмовіліся ад ідэі раздачы газет мінакам і абмежаваліся дэманстратыўным чытаннем незалежных выданняў.

БелаПАН