Лідская моладзь зрабіла ў Інтэрнэце сайт газеты ТБМ "Наша слова"

Газета Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны "Наша слова", якая выдаецца ў Лідзе, займела ў Інтэрнэце свой уласны сайт. Галоўны рэдактар выдання Станіслаў Суднік кажа, што гэта зроблена, "каб моцна не адстаць ад цывілізацыі", а рэалізавала ідэю лідская моладзь:

"Цяпер зноў з'явілася моладзь. Гэта вынік масавасці лідскага ТБМ. Толькі ў гарадской арганізацыі знаходзіцца 620 чалавек, з іх 560 - гэта навучэнцы лідскага каледжу. Вось яны і робяць".


Суднік не спадзяецца, што цяпер кола чытачоў газеты значна пашырыцца, але лічыць важным, што матэрыялы выдання стануць даступнымі для ўсіх жадаючых. Адзначым, што "Наша слова" выходзіць штотыдзень накладам у 2 тысячы асобнікаў.