Ліквідаваныя наступствы ўцечкі паліва з нафтаправода "Унеча-Вентспілс"

Беларускія выратавальнікі ліквідавалі наступствы ўцечкі паліва з нафтаправода "Унеча-Вентспілс". Нагадаем, учора раніцай у Міёрскім раёне была выяўленая незаконная ўрэзка ў трубаправод. Скрадзенае паліва захоўвалася ў цыстэрне ў суседняй вёсцы Хоцькава. Аднак праз дзірку з цыстэрны яно вылівалася і забрудзіла каля гектара зямлі. Пракачку дызпаліва давялося часова спыніць.

Паведамляецца, што на месцы ўцечкі выратавальнікамі было сабрана 15 тон нафтапрадуктаў. Каб яны не патрапілі ў прыток Заходняй Дзвіны, давялося будаваць дамбы і ставіць адмысловыя боны. Цяпер праводзіцца расследаванне, паведамляе тэлеканал ОНТ.