Літоўцы — за змякчэнне візавага рэжыму для Беларусі. Дзеля сваіх санаторыяў

Беларускія турысты могуць стаць выратаваннем для літоўскіх санаторыяў падчас крызісу, заявілі ўлады Друскінінкая. Трэба толькі спрасціць парадак афармлення віз для беларускіх грамадзян, лічаць прадпрымальнікі, — і пойдзе наплыў турыстаў з Беларусі.  Сёння ж сітуацыя выглядае абсурдна: лячыцца ў Друскінінкай прыязджаюць беларусы з чэшскімі і славацкімі візамі, адзначае Першы Балтыйскі канал. Беларускіх турыстаў у Друскінінкаі толькі 5–6%.

Палітычны клімат на літоўска-беларускай мяжы стаў мякчэйшым, калі ЕС улучыў Беларусь у праграму добрасуседскіх адносін і даручыў яе курыраваць Літве. Засталося пераканаць афіцыйны Мінск у перавагах празрыстых меж з Захадам.

Намеснік старшыні камітэта замежных спраў Сойма Юстынас Каросас лічыць, што гэта толькі пытанне часу: "У сучасным свеце такая строгая ізаляцыя немагчымая. Сёлета або ў наступным годзе, але тэндэнцыя ясная".

Іншы крок — зніжэнне кошту шэнгенскай візы. Адзіны тарыф у 60 еўра для беларускіх грамадзян — непад'ёмная сума. Яго можна было б знізіць яго хаця б да ўзроўню ільготнага, расійскага тарыфу ў 35 еўра. Такую просьбу літоўскі МЗС ужо накіраваў віцэ-прэзідэнту Еўракамісіі.