Літоўскія дэпутаты паскардзяцца ў Еўрапарламент на беларускую АЭС

Грамадскія слуханні па Астравецкай АЭС, якія адбыліся 2 сакавіка ў Вільні, скончыліся скандалам. Літоўскія ўдзельнікі паседжання засталіся абураныя нізкім узроўнем арганізацыі мерапрыемства і абсалютнай непадрыхтаванасцю афіцыйнай беларускай дэлегацыі да дыялогу. Як паведаміла ў гутарцы з Еўрарадыё намесніца старшыні камісіі развіцця Віленскай гарадской Рады Раса Навіцкене, зараз удзельнікі слуханняў рытуюць адмысловы зварот да літоўскіх дэпутатаў з заклікам негатыўна ацаніць праект беларускай атамнай станцыі. Акрамя Вільні, падобны дакумент будзе накіраваны і ў Еўрапарламент.

Раса Навіцкене: “Ужо звязаліся з еўрапарламентарамі, якія паабяцалі ўсю магчымую дапамогу ў гэтым. Таму мы вельмі хутка напішам справаздачу пра ўчорашняе паседжанне, яго падпіша большасць удзельнікаў слуханняў – і адразу ж гэты матэрыял мы дашлем у Брусель. І там зробяць яго якасны пераклад і адразу ж перададуць па прызначэнні, каб гэта трапіла максімальна эфектыўна і максімальна хутка”.

У прыватнасці, сваю падтрымку абураным эколагам ужо выказаў дэпутат Літоўскага Сейму Гінтарас Сангайла.