Лошыцу пачалі адбудоўваць з сучасных матэрыялаў (ФОТА)

Наўзамен старых бярвенняў, якія ахайна разабралі, да сядзібы падвезлі свежанькі, яшчэ непрасохлы лес Жарсці вакол Лошыцкай сядзібы ў Мінску пачаліся яшчэ мінулым летам, калі сталі вядомыя планы рэстаўратараў: драўляную частку маёнтка разабраць і адбудаваць нанова з сучасных матэрыялаў. Грамадскія актывісты правялі тады ў Лошыцы некалькі акцыяў і пленэраў.

Якія, аднак, вялікага плёну не прынеслі – як толькі сыйшоў снег, будаўнікі прыступілі да разборкі сядзібы. На сённяшні момант драўляная частка цалкам разабраная. І хаця старое бярвенне пранумараванае і ахайна складзенае пад навес, днямі ў Лошыцу прывезлі новы, яшчэ непрасохлы лес. Мяркуючы па ягонай колькасці, старыя матэрыялы ніхто вяртаць на месца не збіраецца. Максымум – усадзяць куды адное старое бервяно для выгляду.



Ці пратрымаецца гэтае непрасушанае бярвенне столькі, колькі прастаяла старая Лошыца, невядома…



Новага бярвення столькі, што старому ў адноўленай сядзібе месца яўна не прадугледжана.



Так выглядае сядзіба  зараз. Драўляная частка цалкам знішчаная, засталася мураваная. Камяні ў падмурку падазрона пранумараваныя – ці не чакае іх гэткая ж доля, як дрэва?..



Некранутымі засталіся  пакуль дзве печы, якія злучае ўнікальны комін – на здымку ён абматаны поліэтыленам. Дымаходы аркай выходзяць з дзьвюх печаў і злучаюцца ў адную трубу



Лошыца ўяўляе сёння  сумнае відовішча…



Пад навесам злева  – старое бярвенне. Справа пад небам  і дажджом – новае. Якое з іх пойдзе на сядзібу?..



Пасля адбудовы тут  плануюць зрабіць музей і кавярню.



Валадар Лошыцы граф Прушынскі, напэўна, варочаецца ў труне ад таго, што твораць сучасныя «рэстаўратары» з ягоным маёнткам…



Працы на аб'екце праводзіць фірма «Эльвіра» -- тая самая, што аднаўляла паўкруглыя дамы на Плошчы Перамогі і дамы-вежы на Прывакзальнай плошчы.



Бровар на іншым  беразе сажалкі пакуль не чапаюць.
 

А зараз – фотахроніка  знішчэння аўтэнтычнай Лошыцкай сядзібы.
 



Зіма 2006, дом стаіць яшчэ некрануты.



Люты 2009. Паставілі  рыштаванні, здымаюць дэкор з вокнаў.



Травень 2009. Дах і  палова сценаў ужо разабраныя.



Усё бярвенне пранумараванае. Збіраліся вярнуць на месца?..



Гэтая лесвіца ўжо  знішчаная.



Гэты пакой цалкам знішчаны.



Гэтыя парэнчы былі на другім паверсе драўлянай часткі. Знішчаныя.



Печ пры ўваходзе пакуль стаіць, абматаная поліэтыленам. Ці ацалее – невядома…



Другая, найбольш каштоўная печ, таксама пакуль цэлая.



На ёй змешчаны цікавы барэльеф – цэлая сцэнка з жыцця шляхты!..



Печ багата дэкараваная. Пакрытая паліванай кафляй, яна захавалася надзвычай добра – і з'яўляецца цудоным прыкладам побытавага сядзібнага мастацтва ХІХ стагоддзя.

Знішчэнне самой  сядзібы – не адзіны боль аматараў даўніны і гісторыі. Паводле задумы «аднаўляльнікаў», частку старога парку  высякуць, каб паставіць тут атракцыёны і пабудаваць піцэрыю… Ніякія пратэсты грамадскасці не могуць пакуль паўплываць на варварскія планы чыноўнікаў.