Лукашэнка хоча аддаць у Мінску пад забудову землі з-пад ЛЭП

Пра гэта ён заявіў сёння, наведваючы ў Мінскім раёне транспартна-лагістычны цэнтр, перадае БЕЛТА.



У прыватнасці кіраўнік дзяржавы адзначыў, што апошнім часам становіцца больш ахвочых атрымаць зямельны ўчастак пад будаўніцтва: "Трэба ўшчыльняцца, найперш у горадзе. Але не за кошт таго, каб пасярод двара паставіць дзевяціпавярховы дом і раззлаваць людзей. У нас шмат пустуючых кавалкаў зямлі ўсярэдзіне кальцавой дарогі".



Лукашэнка прапанаваў выкарыстоўваць землі, размешчаныя пад лініямі электраперадачы. Па яго словах, інвестары могуць браць гэтыя землі, а кабель ЛЭП адносіць бліжэй да кальцавой дарогі, дзе ніколі не будзе будаўніцтва.



Пры гэтым беларускі кіраўнік нагадаў пра сваё патрабаванне, каб сельскагаспадарчыя землі не выкарыстоўваліся пад забудову: "Сельскагаспадарчыя землі — гэта практычна забарона. Лепш падразаць лес, чым займаць землі сельгаспрызначэння".



Фота — БЕЛТА