Лукашэнка: Мядзведзеў запрасіў мяне ў Сочы, каб абмеркаваць праблемы

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на наступным тыдні ў Сочы сустрэцца з расійскім прэзідэнтам Дзмітрыем Мядзведзевым і абмеркаваць увесь комплекс двухбаковых адносінаў, у тым ліку складаных праблем. Аб гэтым заявіў Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, пра сустрэчу ў Сочы ён дамовіўся з Мядзведзевым яшчэ падчас нефармальнага саміта АДКБ у Кыргызстане. І такую прапанову зрабіў расійскі прэзідэнт, паведамляе "Интерфакс".

Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз заявіў, што гатовы працягваць дыялог з Захадам, але без пастаноўкі непрыймальных умоваў Беларусі. "Хачу зазначыць: у нас добрыя, выдатныя адносіны з Расіяй. І калі на Захадзе думаюць, што могуць, карыстаючыся сітуацыяй, неяк націснуць на Лукашэнку, — яны памыляюцца", — цытуе словы кіраўніка дзяржавы БЕЛТА.