Лукашэнка накіраваў Мядзведзеву ліст наконт паставак нафты

Аляксандр Лукашэнка 13 студзеня накіраваў ліст прэзідэнту Расіі Дзмітрыю Мядзведзеву. Беларускі кіраўнік выклаў свой погляд на сітуацыю вакол перамоваў пра пастаўкі расійскай нафты ў 2010 годзе. У лісце, у прыватнасці, гаворыцца, што напрыканцы мінулага года паміж Беларуссю і Расіяй пачаліся перамовы пра ўмовы пастаўкі нафты, якія сталіся безвыніковымі. Разам з тым яшчэ 10 снежня 2009 года падчас паседжання Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі прэзідэнты абедзвюх краін дасягнулі дамоўленасці, што на працягу першых двух-трох месяцаў 2010 года нафта будзе пастаўляцца ў Беларусь бязмытна, і за гэты час бакі ўзгодняць умовы далейшай пастаўкі нафты. Аднак пасля Расійская Федэрацыя фактычна адмовілася ад выпрацаваных дамоўленасцяў і вылучыла непрымальныя для Беларусі ўмовы.

Дата аднаўлення перамоваў пакуль невядомая, адзначае БелаПАН. Апошні раўнд адбыўся 9 студзеня ў Маскве.

Неназваны расійскі эксперт у нафтавай сферы заявіў РІА "Новости", што Беларусь можа пазбавіцца прапанаваных ільготаў, калі будзе зацягваць перамовы. Па яго словах, Расія прапануе паставіць у Беларусь бязмытна 6,3 млн тон нафты для ўнутранага спажывання. Як паведаміў эксперт, Беларусь просіць павялічыць бязмытныя пастаўкі нафты да 30 млн тон і абяцае ў іншым выпадку павялічыць мыты на транзіт расійскай нафты да 45 долараў за тону (цяпер 3,9 долара).