Лукашэнка змяніў дзень нараджэння, каб святкаваць яго разам з Колем

У афіцыйнай біяграфіі кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі змянілася дата яго нараджэння. У біяграфіі на афіцыйным сайце Лукашэнкі пазначана, што ён нарадзіўся на дзень пазней, чым лічылася дагэтуль, — 31 жніўня 1954 года. Іншыя афіцыйныя крыніцы (кшталту БЕЛТА) яшчэ не паспелі змяніць дату нараджэння Лукашэнкі. Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на крыніцу ў Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы, маці Лукашэнкі паступіла ў радзільню 30 жніўня ўвечары, але нарадзіла яго ў ноч з 30-га на 31-га. У тыя гады дакладны час нараджэння дзіцяці не адзначаўся, і нованароджанага запісалі на 30 жніўня, па даце паступлення парадзіхі ў радзільню.

Паведамляецца, што Лукашэнка не надаваў вялікага значэння гэтай даце, пакуль у яго 31 жніўня не нарадзіўся малодшы сын. Пасля нараджэння Колі Аляксандр Лукашэнка пачаў цікавіцца ў маці падрабязнасцямі свайго нараджэння і высветліў, што фактычна адзначаць дзень нараджэння трэба 31 жніўня.