Ля берагоў Японіі пасажырскі паром страціў кіраванне ад сутыкнення з кітом
Хуткасны пасажырскі паром страціў кіраванне і пачаў дрэйфаваць пасля сутыкнення з кітом ля берагоў Японіі. Як паведамляе ТАСС са спасылкай на японскія СМІ, паром ішоў з порта горада Атамі (прэфектура Сідзуока) на выспу Ідзуосіма, размешчаную прыкладна ў 100 кіламетрах ад Токіё.
На борце было 69 пасажыраў і пяць членаў экіпажу. Ніхто не пацярпеў, аднак пасля інцыдэнту сем чалавек паскардзіліся на кепскае самаадчуванне.
Ад сутыкнення з кітом у пароме ўтварылася прабоіна, праз якую прасочвалася вада.
Лёс кіта невядомы.
Гэта ўжо не першы выпадак сутыкнення пасажырскіх суднаў з гіганцкімі млекакормячымі каля берагоў Японіі. 8 студзеня сама меней дзевяць чалавек атрымалі траўмы ў выніку аналагічнага інцыдэнту.