Ля магілёўскага гарвыканкама ссеклі блакітныя елкі, каб паставіць у дварах
Па словах камунальнікаў, дрэвы былі хворымі.
Будынак гарвыканкама ў цэнтры Магілёва застаўся без блакітных елак, якія раслі побач. Як кажа начальнік вытворчага аддзела КВУП "Магілёўзеленбуд" Святлана Банкузава, яшчэ ўлетку спецыялісты заўважылі, што дрэвы пачалі засыхаць. У елак знайшлі мноства хваробаў, і выратаваць іх было немагчыма.
Елачкі вырашылі ссекчы бліжэй да зімы. Як піша "Комсомольская правда", іх паставяць у спальных раёнах горада, каб парадаваць магілёўцаў. Адна елачка ўсталяваная каля сярэдняй школы №45 у мікрараёне "Спадарожнік", другая — побач з абласным цэнтрам творчасці, трэцяя — на бульвары Няскораных, чацвёртая — у парку 700-годдзя Магілёва. Астатнія дрэвы забрала Ленінскае ЖРЭУ.
Пасля навагодніх святаў елкі перамелюць на паліва для ацяплення.
Камунальнікі пакуль не вырашылі, што пасадзяць на месцы ссечаных елак. Па словах Банкузавай, пакуль выбіраюць паміж кустамі ядлоўцу і кветкавай кампазіцыяй.
Фота — mogilevnews.by