"Ляпис Трубецкой" выдалі DVD з дапамогай ведзьмакоў і чарадзеяў

9 траўня на аншлагавым канцэрце ў мінскім Палацы Спорту гурт "Ляпис Трубецкой" прадставіў свой першы афіцыйны DVD "Капитал – Концерт в клубе Точка".
На дыску запісаны сольны выступ калектыву ў Маскве з праграмай "Капітал", які адбыўся ў верасні 2007 года.

Акрамя песень з аднайменнага альбома, на DVD таксама прысутнічаюць хіты мінулых гадоў, такія як "Ты кинула", "Розочка", "Евпатория" і каверы "I Wanna Be Your Boyfriend" гурта Ramones і "Государство" "Гражданской Обороны". Агулам 22 песні.

Трэба адзначыць, што на дыску ўпершыню захаваны знакаміты міжпесенны канферанс Сяргея Міхалка, насычаны палымянымі прамовамі і энергічнымі вершамі ад Юзіка Кілевіча. У якасці бонуса ў рэліз уключаныя дзве версіі кліпа "Капітал".

Паводле тлумачэнняў Сяргея Міхалка, "у стварэнні гэтага DVD прымалі ўдзел некалькіх праўдзівых чараўнікоў і спадчынных ведзьмакоў Расіі, Беларусі і Манголіі. А таму гэты дыск павінен разбурыць рэшткі сцяны непаразумення паміж фанатамі гурта "Ляпис Трубецкой" і прыхільнікамі класічнага цяжкага року".