“Ляпіс Трубяцкой” выступіць хэдлайнерам сёлетняй “Рок-каранацыі”

Гурт “Ляпіс Трубяцкой” даў згоду на ўдзел у сёлетняй “Рок-каранацыі”, якая пройдзе 4 сакавіка ў мінскім клубе “Рэактар”. Пра гэта Еўрарадыё расказаў прадзюсер “Ляпісаў” Яўген Калмыкоў. Яўген Калмыкоў: “У нас рэдкія канцэрты ў Беларусі — прыблізна чатыры канцэрты ў год. Гэта з улікам “Каранацыі”, “Навальніцы”. Таму мы сапраўды шукаем магчымасці для таго, каб часцей выступаць у Беларусі. Але каб гэта арганічна ўпісвалася ў наш графік”.

Па яго словах, прызначаная арганізатарамі “Каранацыі” дата правядзення мерапрыемства вельмі ўдала ўпісалася ў канцэртны графік “Ляпісаў”. І яны не плануюць адмаўляцца ад ўдзелу ў гэтым мерапрыемстве. Хоць папярэдняя “Каранацыя”, якая праходзіла ў Маладзечне, музыкам і не прыйшлася даспадобы. Перш за ўсё, з-за самой атмасферы зала маладзечанскага Палаца культуры. Выступаць жа ў “Рэактары” падчас фэсту “Рок па вакацыях” “Ляпісам” спадабалася.

Нагадаем, што акрамя “Ляпіса Трубяцкога” хэдлайнерамі “Рок-каранацыі-2009” будуць гурты “Крама”, “Без Білета”, “Нака”, “Нейра Дзюбель” і Зміцер Вайцюшкевіч.


Глядзі таксама: “Рок-каранацыя” сёлета стане клубнай і аб’яднаецца з рэпам і поп-рокам