Мабільнаму аператару life:) забаранілі казаць, што ён найбуйнейшы

Мабільны аператар life:) не згодны з прадпісаннем Міністэрства гандлю спыніць выкарыстанне рэкламы з фразай "Найбуйнейшая сетка 3G у Беларусі". Пра гэта заяўляе генеральны дырэктар life:) у Беларусі Азджан Эрміш.

life:) атрымаў усе ўзгадненні для выкарыстання фразы "Найбуйнейшая сетка 3G у Беларусі" ва ўсіх неабходных ведамствах. Міністэрства сувязі таксама дало сваё заключэнне аб тым, што 3G life:) самая буйная 3G сетка ў Беларусі, адзначыў Азджан Эрміш.

Цяпер без усякіх лагічных тлумачэнняў кампаніі выслана прадпісанне Міністэрства гандлю зняць рэкламу, бо яна неправамоцная, распавёў генеральны дырэктар life:). Кіраўніцтва кампаніі не згодна з прадпісаннем і хоча атрымаць тлумачэнні, паведамляе БелаПАН.

Азджан Эрміш ўказвае, што 8 кастрычніка Мінсувязі апублікавала статыстыку, з якой вынікае, што сетка 3G life:) самая вялікая ў Беларусі па ўсіх паказчыках: колькасць базавых станцый, колькасць населеных пунктаў.